Рейтинг
Порталус

Помнікі пратэстанцкага храмабудаўніцтва Беларусі

Дата публикации: 06 октября 2006
Автор(ы): Тамара ГАБРУСЬ
Публикатор: Научная библиотека Порталус
Рубрика: БЕЛАРУСЬ РЕЛИГИИ БЕЛАРУСИ →
Источник: (c) Тамара Габрусь. Помнікі пратэстанцкага храмабудаўніцтва Беларусі //Спадчына, 2003, № 1.
Номер публикации: №1160122799


Тамара ГАБРУСЬ, (c)

Помнікі пратэстанцкага храмабудаўніцтва Беларусі

Тамара ГАБРУСЬ

Той факт, што архітэктурная спадчына Беларусі ў значнай ступені страчана, аб’ектыўны і добра вядомы. Асабліва трагічны лёс напаткаў манументальнае сакральнае храмабудаўніцтва. У ХVІ-ХVІІІ стст. на беларускіх землях, у межах дзяржаўных утварэнняў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, суіснавалі чатыры хрысціянскія канфесіі: праваслаўе, каталіцызм, пратэстантызм і уніяцтва. Кожная з іх зрабіла свой значны ўнёсак у скарбонку культуры Беларусі, але ж і кожная з іх у пэўны час пацярпела ад клерыкальнай варожасці, дзяржаўнага ўціску, атэістычных пераследаў, якія змялі з твару зямлі і з гістарычнай памяці шмат каштоўных духоўных і матэрыяльных набыткаў. Адным з іх можна лічыць пратэстанцкае храмабудаўніцтва ХVІ-ХVІІ стст.

Рэфармацыйны рух пашырыўся ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1-й палове ХVІ ст., адначасова з усёй Цэнтральнай Еўропай, і дасягнуў свайго апагею ў 1560-я гг. Ён лагічна вынікаў з тагачасных сацыяльна-палітычных абставінаў, спрыяў фармаванню атмасферы талерантнасці ў канфесійным жыцці грамадства, што зафіксавана юрыдычна Статутам 1588 г. Пратэстантызм меў тут шырокую сацыяльную базу ад сярэдніх да вышэйшых пластоў грамадства, праводзіў актыўную адукацыйную і асветніцкую дзейнасць. Гэтай слаўнай старонцы нашай гісторыі прысвечана нямала навуковых даследаванняў. Аднак у іх звычайна не было ўдзелена ўвагі спецыфіцы тагачаснага айчыннага пратэстанцкага храмабудаўніцтва. Наадварот, гісторыя кожнага яго помніка абцяжарана паданнямі, далёкімі ад гістарычнай праўды. Гэтая міфалагізацыя гісторыі абумоўлена жаданнем каталіцкае царквы абгрунтаваць свае прыярытэты ў рэлігійным і духоўным жыцці нашага краю і апраўдаць негатыўныя для пратэстантаў наступствы контррэфармацыі.

У 2-й палове ХVІ ст. значная колькасць буйных беларуска-літоўскіх магнацкіх родаў - Радзівілы, Сапегі, Кішкі, Глябовічы, Хадкевічы і інш., каб замацаваць ідэалаічна сваю незалежнасць як ад каталіцкае Польшчы, так і ад праваслаўнае Маскоўскае дзяржавы, так бы мовіць, «робяць стаўку» на пратэстантызм. Найбольш пашыраным рэфармацыйным кірункам у Беларусі быў кальвінізм, у меншай ступені атрымалі пашырэнне лютэранства і антытрынітарызм (арыянства). У 2-й палове ХVІ - 1-й палове ХVІІ ст. на яе тэрыторыі дзейнічала каля 90 кальвінскіх абшчынаў.

Дзяржаўная унія з Польшчай, экспансія контррэфармацыі, моцная народная праваслаўная традыцыя з пэўнай антыфеадальнай накіраванасцю садзейнічалі сацыяльна-рэлігійнай канверсіі прывілеяваных пластоў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Але пэўнае кола па-сепаратысцку настроеных магнатаў і шляхты і надалей падтрымлівала рэфармацыйны рух, што надало руска-шведска-польскай вайне сярэдзіны XVII ст. у межах княства характар вайны «грамадзянскай». На баку пратэстанцкай Швецыі выступілі некаторыя па-сепаратысцку настроеныя дзяржаўныя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага. У выніку, нягледзячы на заключэнне міру паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй у 1660 г., сацыяльная база пратэстантызму ў Беларусі была цалкам вынішчана.

Ужо ў канцы ХVІІ ст. амаль усе мураваныя кальвінскія зборы, пабудаваныя пераважна на стагоддзе раней, былі пераробленыя ў касцёлы, а ў часы Расейскай імперыі, рэканструяваныя ў праваслаўныя цэрквы і страцілі свае аўтэнтычныя рысы. Некаторыя помнікі цалкам зруйнаваны ўжо ў ХХ ст. Таму, каб аднавіць гэтую цікавую з’яву ў гісторыі нацыянальнай культуры, неабходна скрупулёзна адшукваць сляды аўтэнтычных пратэстанцкіх храмаў.

У час росквіту рэфармацыйнага руху большасць кальвінскіх абшчынаў ажыццяўляла сваю дзейнасць пры царкоўных будынках іншых канфесіяў, перададзеных ім фундатарамі-аднавернікамі. Як гэта ні парадаксальна, будаўніцтва ўласна пратэстанцкіх храмаў з выяўленай канфесійнай праграмай пачалося ў часы, калі рэфармацыйны рух перайшоў у апазіцыю да дзяржаўнай ідэалогіі, што можна назіраць на прыкладзе нешматлікіх ацалелых мураваных кальвінскіх збораў, зафіксаваных гістарычнымі крыніцамі.

Пратэстанцкія храмы ўвасаблялі ідэалогію, апазіцыйную да контррэфармацыі, што зыходзіла з Ватыкана. У архітэктуры храмаў гэтых дзвюх канфесіяў адлюстравалася іх ідэйная й палітычная барацьба. Пашырэнню эстэтычнай канцэпцыі барока, якую паслядоўна праводзіла каталіцкая царква, храмабудаўніцтва пратэстантаў супрацьпаставіла ўстойлівую мясцовую готыка-рэнесансавую традыцыю. Архітэктура пратэстанцкіх збораў, параўнальна з касцельнай, вызначалася большым аскетызмам і лапідарнасцю формаў, што абумоўлівалася імкненнем гэтай канфесіі да больш таннай і сціплай рэлігійнай абраднасці, а таксама іншай тэалагічна-канфесійнай праграмай [1].

Мастацкі вобраз і кампазіцыйныя характарыстыкі хрысціянскай царкоўнай архітэктуры ў цэлым - гэта складаная зашыфраваная мова архітэктурных формаў і рэлігійных сімвалаў, якія ўзаемна абумоўліваюць і ўзаемна дапаўняюць адно аднаго. Здольнасць да сістэмнай сімвалізацыі - гэта спецыфічна чалавечая здольнасць і творчая неабходнасць. У той час, як рэлігійныя сімвалы адносна метафізічныя, архітэктурныя формы сакральнага дойлідства мусяць творча развівацца і прыстасоўвацца да рэаліяў быцця соцыуму. Яны залежаць ад палітычнага й эканамічнага стану грамадства, кліматычна-геаграфічных асаблівасцяў рэгіёнаў, наяўнасці пэўных рэсурсаў будаўнічых матэрыялаў і кваліфікаваных кадраў, мастацкіх традыцыяў і ўплываў. Таму архітэктурныя формы і канструкцыі, нават калі яны выяўляюць адну і тую хрысціянскую ідэю, мяняюцца ад стагоддзя ў стагоддзе, ад рэгіёну да рэгіёну, ад канонаў аднае канфесіі да іншых.

Храм, у сутнасці, - гэта велічны і глыбока ідэйны вобраз хрысціянскай Царквы, напоўнены калектыўнай духоўнасцю. Таму сакральная архітэктура імкнецца да духоўнай роўнасці людзей рознага сацыяльнага паходжання. Храм як мастацкае цэлае ёсць нібыта Евангеллем для ўсяго кола вернікаў ад самых нізоў да самых вярхоў. Будова храма трансфармуе вобраз Сусвету моваю архітэктурных формаў і сімвалаў, непарыўна знітаваных са светапоглядам і духоўнымі ідэаламі грамадства.

Ідэя хрысціянскага храма як сакральнага цэлага склалася і адкрылася паступова. Прынцыповае значэнне мае сімвалічны падзел святыні на тры часткі, што закладзена ўжо ў Старым Запавеце на прыкладзе скініі, пабудаванай Майсеем у пустыні з прадвызначэння самога Бога. Паводле іўдзейскага гісторыка Іосіфа Флавія, старазапаветная скінія мела прастакутную форму плана з прапорцыямі 1:3 і пры ёй прастакутны двор - у прапорцыі 1:2. Функцыянальна скінія падзялялася на адкрытую пярэднюю частку, званую «святая», і наступную за ёй «святая святых», якая таксама мела дзве часткі - пярэднюю для святароў і заднюю - для Каўчэга Запавету. Семантычна будова скініі вызначалася Кнігай Зыходу (главы 25-27).

Скінія не лічылася жыллём Бога, а толькі месцам Яго з’яўлення, таму яна была адкрытай, увасабляючы вобраз Сусвету. Усходняя частка храма, згодна са старажытнай касмаграфіяй і рэлігійным светапоглядам, ёсць «край святла», Эдэм, дзе знаходзіцца рай. Таму хрысціяне традыцыйна размяшчалі алтар (alta аrа, што азначае высокі ахвярнік), перад якім маліліся і адпраўлялі набажэнствы, заўжды на ўсходзе. Калі Усход - гэта краіна райскага быцця, то Захад, наадварот, вобласць смутку і жалобы, месца знаходжання памерлых, якія чакаюць уваскрэшання і суда. Гэта ўваходная частка храма. А яго цэнтральная частка сімвалізуе зямную прастору, дзе пануе хрысціянская царква. Малітоўная зала на грэцкай мове завецца кафалікон, тое ж што Айкумена, Сусвет.

Гэтыя асноўныя сімвалы хрысціянскага храма, на прыкладзе старазапаветных святыняў, трактаваныя і адаптаваныя для новазапаветнага храмабудаўніцтва раннехрысціянскім літургістам свяціцелем Іаанам Златавустам. Ён называе храм Царквой і падкрэслівае, што яна «праслаўлена паче скініі Маісеевай». Як сцвярджае Іаан Златавуст, кожны з вернікаў і ўсе разам ёсць храм, і ўсе народы ёсць чатыры сцяны, на якіх Хрыстос стварыў адзіны храм [2].

Адным з трох галоўных прынцыпаў пратэстантызму ёсць свяшчэнства ўсіх дарослых, хрышчаных па веры. Пратэстантызм таксама адмаўляе ўсе рэлігійныя таінствы, акрамя хрышчэння і прычасця. Гэтыя палажэнні, у сваю чаргу, адмаўляюць неабходнасць алтара як сакральнага месца для святара, што знайшло адлюстраванне ў архітэктуры рэфармацкіх храмаў разгляданага перыяду. У іх акцэнт робіцца не на алтары, а на катэдры прапаведніка. Характэрна, што найбольш адметнай рысай у архітэктуры рэфармацкіх храмаў Беларусі азначанага перыяду з’яўляецца адсутнасць алтарнай апсіды.

Кальвінскі збор у Заслаўі, пастаўлены ў 1577 г. з фундацыі князя Івана Глебавіча (Яна Глябовіча) ў цэнтры замкавых умацаванняў, першапачатна ўяўляў сабою падобны да скініі прастакутны аб’ём, накрыты высокім клінаватым дахам, без алтарнай апсіды. На пачатку ХVІІ ст. да яго з захаду прыбудавалі 35-метровую шмат’ярусную вежу-званіцу, ніжнія чацверыковыя ярусы якой маюць агульныя карнізы з асноўным аб’ёмам, утвараючы над ім атыкавы ярус. Вышэй яго чацверыкі вежы маюць аднолькавае сячэнне, і толькі самы верхні, накрыты пакатым шатром-«каўпаком», крыху вузейшы, што робіць яе візуальна больш вытанчанай і дынамічнай.

Уваход зроблены не па восі сіметрыі храма, як звычайна, а з паўднёвага боку ніжняга ярусу вежы, што абумоўлена магчымасцю трапіць у яго толькі праз умацаваную браму, якая прарэзвае паўднёвы бок земляных умацаванняў замчышча. Інтэр’ер перакрыты крыжастымі скляпеннямі з падпружнымі аркамі, што абапіраюцца на ўнутраныя контрфорсы, а 2-часткавая падземная крыпта - цыліндрычнымі. Пасля вайны сярэдзіны ХVІІ ст., у 1678 г., Заслаўскі кальвінскі збор прыстасаваны пад касцёл Міхаіла Арханёла, а ў 1840 г. стаў Спаса-Праабражэнскай царквой, што прывяло да значных пераробак. У 1968-1972 гг. помнік рэстаўраваны, праведзены яго археалагічныя даследаванні.

Яшчэ больш падабенства са старазапаветнай скініяй у прапорцыях і форме плана меў кальвінскі збор у Жодзішках (Смаргонскі раён), пабудаваны ў 1600 г. з фундацыі роду Кішкаў, вядомы з ХVІІ ст. як Троіцкі касцёл. З 1708 г. храм належаў езуітам, якія пабудавалі пры ім мураваны кляштар, разбураны ў ХІХ ст. Суадносіны шырыні і даўжыні яго прастакутнага плана дакладна адпавядаюць 1:3, як у скініі Майсея, але ўнутры яго прастора была візуальна падзелена на чатыры часткі. Гэта зроблена з дапамогай сценавых пілонаў, на якія абапіраюцца падпружныя аркі цыліндрычнага скляпення з распалубкамі, што перакрывае моцна выцягнуты ў падоўжным напрамку інтэр’ер храма. З усходу ён быў завершаны плоскай алтарнай сцяной, а алтарная апсіда адсутнічала. З процілеглага заходняга тарца да асноўнага аб’ёму прылягаў квадратны ў плане ўваходны аб’ём, над якім месцілася шмат’ярусная вежа, зруйнаваная ў першую сусветную вайну. Яна была даволі масіўнай і складалася з двух высокіх чацверыковых ярусаў [3].

Пры рэканструкцыі збору пад касцёл ў 1902-1904 гг. была зменена арыентацыя храма алтаром на захад, да Рыма. Алтар размясцілі ў былым уваходным чацверыку вежы, да якога прыбудавалі сакрысцію, а ўваход зрабілі ў былой алтарнай сцяне. Адначасова па баках кафалікону былі прыбудаваны прастакутныя аб’ёмы крылаў трансепту, якія надалі плану збудавання форму лацінскага крыжа. Такім чынам храм набыў кананічныя формы каталіцкага касцёла. Але якім ён быў у аўтэнтычным выглядзе?

У альбоме чарцяжоў з Нясвіжа ХVІ ст. сярод большасці чарцяжоў, якія належаць італьянскаму архітэктару-езуіту Д.-М. Бернардоні, ёсць крыху незвычайны план культавага будынка, выкананы ў іншай графічнай манеры і размашыста падпісаны: Matjas Falkowski A Domini 1654 [4]. На чарцяжы прадстаўлена збудаванне з моцна выцягнутым прастакутным планам, без алтарнай апсіды, з адной сакрысціяй на паўночна-ўсходнім вугле. Уваходная частка вырашана ў выглядзе чацверыковага аб’ёму, над якім паказана круглая вежа значных памераў. Дзве меншыя цыліндрычныя вежы з вітымі ўсходамі фланкуюць, як абарончыя, вуглы асноўнага аб’ёму. Яго даволі тонкія сцены рытмічна падзелены контрфорсамі на 4 роўныя часткі як звонку, так і ўнутры кафалікону. Відавочна, што на ўнутраныя контрфорсы абапіраліся скляпенні з распалубкамі на падпружных арках. Па суадносінах даўжыні і шырыні храма (3:1) і 4-часткаваму дзяленню інтэр’еру контрфорсамі ёсць падставы меркаваць, што гэта план кальвінскага збору ў Жодзішках. Чарцёж віленскага будаўнічага майстра М.Фалькоўскага фіксуе яго, верагодна, з мэтай прыстасавання пад касцёл езуітаў у сярэдзіне ХVІІ ст. Унутры меркавалася размясціць 7 алтароў.

У шэрагу выпадкаў кальвінскія зборы таго часу мелі не плоскую, а трохгранную алтарную сцяну. Асташынскі кальвінскі збор не збярогся і мала даследаваны. На падставе фотаздымку пачатку ХХ ст. можна сцвярджаць, што будынак вызначаўся кампактнасцю архітэктурных формаў, складаўся з асноўнага аб’ёму, накрытага высокім клінаватым дахам, і масіўнай чацверыковай вежы з боку ўваходу. Вышыні асноўнага аб’ёму адпавядалі два ніжнія ярусы вежы. Два верхнія інтэнсіўна скарачаліся па памерах і вышыні, толькі закрывалі тарэц даху, а не ўзвышаліся над ім. Такі прыём рабіў кампазіцыю будынка важкавата-прысадзістай і адначасова поўнай унутранай энергіі. Вельмі ўмоўны план Асташынскага кальвінскага збору, апублікаваны У.Чантурыя [5], сведчыць, што будынак меў трохгранную ўсходнюю сцяну, а не алтарную апсіду.

Да гэтай жа готыка-рэнесансавай групы помнікаў пратэстанцкага храмабудаўніцтва далучаецца кальвінскі збор у Койданаве, які размяшчаўся на тэрыторыі замка і таксама не збярогся. Звычайна Койданаўскі збор датуюць сярэдзінай ХVІ ст. на падставе фундушу М.Радзівіла Рудога, зробленага каля 1564 г. [6]. Аднак першы збор быў драўляны і пастаўлены па-за межамі замка. Пры абследаванні замчышча ў 1920-я гг. М.Адзярыха знайшоў у вежы храма ўмураваную ў сцяну бляшаную шыльдачку з надпісам: «1613 год» [7]. У інвентары замка за 1621 г. пазначана, што збор у ім «новы мураваны»[8]. Вынікае, што ён пабудаваны ў 1613-1621 гг. Паводле азначанага інвентару, будынак складаўся з асноўнага залавага аб’ёму і высокай вежы, верх якой быў абабіты бляхай і завершаны спічаком з пазалочаным флюгерам і крыжам. Над асноўным аб’ёмам быў купалок, завершаны такімі ж самымі крыжам і флюгерам. У асноўным аб’ёме было 9 вялікіх вокнаў, а ў вежы - 5 байніц. Над уваходнымі дзвярмі знаходзіліся хоры з балюстрадай, з якіх драўляная лесвіца вяла на вежу, дзе вісеў вялікі звон. На вежы быў гадзіннік, які працаваў да 1913 г.

Пасярод асноўнага памяшкання стаяў вялікі стол з аксамітным абрусам, над якім віселі жырандолі. У глыбіні інтэр’еру з усходняга боку размяшчалася дубовая разьбяная катэдра. Як бачым, наяўнасць алтара ў інвентары не пазначана. Аднак на малюнку Н.Орды 1876 г. з выявай Койданаўскага збору, ужо на той час прыстасаванага пад касцёл, паказана гранёная алтарная апсіда, роўная па вышыні з асноўным аб’ёмам, але з больш нізкім дахам. Яна адлюстравана таксама на плане комплексу Койданаўскага замка і збору. Ёсць падставы лічыць, што Койданаўскі кальвінскі збор - адзіны з рэфармацкіх храмаў таго часу, які адпачатку меў алтарную апсіду, што набліжала яго архітэктоніку да касцельнай.

Даволі складаным для навуковай атрыбуцыі, вызначэння яго першапачатковай канфесійнай прыналежнасці і даты пабудовы, з’яўляецца яшчэ адзін мураваны культавы будынак 1-й паловы ХVІІ ст., што знаходзіцца ў в.Замосце за 10 км ад Слуцка. Гістарычныя звесткі пра яго вельмі скупыя. Вядома, што ён быў фундаваны ў 1620 г. (ці ў 1649 г.?) мясцовым шляхцічам А.С.Вінкаю-Ратамскім і што ў ХVІІ ст. пры ім існавала місія езуітаў. З дапамогай гісторыка-стылістычнага аналізу мы паспрабуем удакладніць гэтыя звесткі. Храм мае кампактную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю - квадратны ў плане кафалікон складаецца ўсяго з дзвюх травей. Аўтэнтычны характар скляпенняў невядомы - яны заменены плоскай драўлянай столлю. Сцены кафалікону аздоблены пілястрамі, усярэдзіне ступеньчатымі, што сведчыць пра верагодную наяўнасць у канструкцыі скляпенняў падпружных арак. Масіўнасць сценаў зменшана глыбокімі арачнымі нішамі. Адметнасць храма - незвычайнае вырашэнне алтарнай часткі ў выглядзе гранёнай апсіды з моцна скошанымі бакавымі гранямі, у выніку чаго яна прасторава зліваецца з кафаліконам. У апсідзе фрагментарна ацалела цыліндрычнае скляпенне, дэкараванае ромбападобным сеткавым арнаментам з нізкім рэльефам лепкі. Уваходная частка вырашана ў выглядзе магутнага прызматычнага вежападобнага чацверыка, які звонку не мае гарызантальных чляненняў, што надае яму асаблівую важкасць. Усе тры часткі храма аб’яднаны маналітным дахам з агульным вільчыкам.

Рэнесансавая лапідарнасць формаў, спецыфічная тэктоніка алтарнай часткі, спрошчаная трактоўка ордэрнага дэкору дазваляюць меркаваць, што храм у Замосці першапачаткова быў кальвінскім зборам і пабудаваны, хутчэй за ўсё, каля 1620 г. У гэтым пераконвае яшчэ і той факт, што ў 1-й палове ХVІІ ст. (да 1669 г.) удзельным Слуцкім княствам валодаў князь Багуслаў Радзівіл, кіраўнік евангелісцкай абшчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім, які за ўдзел у вайне на баку шведаў, пасля Андрусаўскага замірэння 1667 г., быў сасланы ў Крулявец. Відавочна, што з’яўленне місіі езуітаў пад Слуцкам раней 2-й паловы ХVІІ ст. малаверагоднае.

Паводле польскамоўных клерыкальна-краязнаўчых крыніцаў аднанефавы готыка-рэнесансавы культавы будынак у Гнезне (Ваўкавыскі раён) лічыцца аўтэнтычным гатычным касцёлам. На шчыце яго фасаду была выведзена нават дата 1121 г.[9], што не адпавядае сапраўднасці. З 1555 г. маёнтак Гнезна належаў Гераніму Хадкевічу, актыўнаму прыхільніку рэфармацыі. Падабенства агульных прапорцыяў і архітэктонікі храмаў у Замосці і Гнезне, завершаных з усходу трохграннай алтарнай сцяной, вымушае меркаваць, што апошні, магчыма, не быў перададзены пратэстантам ужо змураваным, як сцвярджаюць азначаныя крыніцы, а хутчэй, узведзены імі ў канцы ХVІ ст. паводле канонаў сваёй канфесіі як кальвінскі збор, якім і заставаўся да 1643 г.

Спалучэнне трох вежаў - цэнтральнай званіцы і бакавых лесвічных, што вялі на яе, не паслабляючы канструкцыйнай трываласці асноўнай, - было адным з этапаў у сакральным дойлідстве, які папярэднічаў альбо быў альтэрнатыўным пашырэнню і фарміраванню 2-вежавых барочных касцельных фасадаў. Пра гэта сведчыць план культавага будынка на чарцяжы Мацея Фалькоўскага і шэраг іншых помнікаў мураванага сакральнага дойлідства Беларусі канца ХVІ - пачатку ХVІІ ст., сярод якіх кальвінскія зборы ў Смаргоні й Кухцічах.

Звесткі па датах фундацыі і пабудовы храма ў Смаргоні надзвычай супярэчлівыя. Паводле адных, ён пабудаваны ў 1503 ці 1505 г. на сродкі Юрага Валовіча як касцёл, а ў 1553 г. перароблены пад кальвінскі збор яго ўнукам Юр’ем Зяновічам, паводле іншых - змураваны ў канцы ХVІ ст. як кальвінскі збор брэсцкім ваяводам Хрыстафорам Зяновічам. Але апошнія даследаванні беларускіх рэстаўратараў паказалі, што культавы будынак, які збярогся да нашых дзён, быў узведзены ў 1606-1612 гг. Мікалаем Багуславам Зяновічам як кальвінскі збор, а ў 1621 г. Сафіяй (з Зяновічаў) перададзены пад касцёл і асвечаны ў гонар св. Тройцы[10]. У 1866 г. храм прыстасаваны пад праваслаўную Мікалаеўскую царкву, у 1923-1925 і ў 1970-я гг. рэстаўраваны.

Папулярнасці Смаргонскага кальвінскага збору ў краязнаўцаў і гісторыкаў архітэктуры спрыяў найперш яго характэрны атык з дэкорам у выглядзе плоскіх падвойных арачных нішаў, які лічыцца найбольш адметнай нацыянальнай асаблівасцю рэнесансавых пабудоваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Такія ж атыкі мелі Ніжні замак і універсітэт у Вільні, Стары замак у Горадні і яшчэ шэраг пабудоваў мясцовага рэнесансу, напрыклад, сінагогі ў Пінску і Наваградку. Але не наяўнасць азначанага атыку сама па сабе робіць Смаргонскі кальвінскі збор найбольш тыповай рэнесансавай пабудовай Беларусі, а перадусім - яго адметная аб’ёмна-прасторавая структура.

Класічныя ўзоры архітэктуры італьянскага рэнесансу вызначаюцца ўраўнаважанасцю прасторы і масы, раўназначнасцю ўсіх фасадаў, што найлепей дасягаецца пры цэнтрычнай кампазіцыі збудаванняў. У арганізацыі масаў да іх набліжаецца і кальвінскі збор у Смаргоні, але ягоная кампазіцыя пад уплывам традыцыяў мясцовага храмабудаўніцтва не вытрымана паслядоўна цэнтрычнай. Унутраная прастора храма ўяўляе сабою круглую залу, перакрытую сферычным купалам. Аднак звонку яна «апранута» ў няроўнабаковы васьмігранны аб’ём: з поўдня і поўначы ягоныя грані ўдвая большыя за астатнія і маюць па два светлавыя праёмы, у той час як іншыя - па адным. Гэта надае асноўнаму аб’ёму нязначную падоўжнасць па восі ўсход-захад. Каб схаваць неадпаведнасць геаметрычных формаў інтэр’еру і вонкавай кампазіцыі, таўшчыня сценаў будынка дасягае ў вузлавых месцах 3 м. У той жа час, каб знізіць масіўнасць канструкцыяў і павялічыць унутраную прастору, сцены раскрапаваны глыбокімі паўцыркульнымі арачнымі нішамі, якія дазваляюць ажыццявіць лагічны канструкцыйны пераход да круга ў аснаванні купала. На дыяганальных гранях іх дапаўняюць высокія конхавыя нішы-табернакулы, што падкрэслівае рэнесансавы характар інтэр’еру.

Ніжняя частка купалу звонку закрыта таксама няроўнабаковым васьмігранным дэкаратыўным атыкам з готыка-рэнесансавай аркатурай. Сваёй канструкцыяй ён не прыстасаваны да абарончых функцыяў. Пры цэнтрычнасці ўнутранага купала вянчаючыя масы звонку захоўвалі агульную падоўжнасць кампазіцыі. Падчас рэстаўрацыі збору ў 1970-я гг. купалу нададзена няроўнабаковае 8-схільнае шатровае пакрыццё, на папярэднім этапе яно мела невялікі падоўжны вільчык, г.зн. было вальмавым. На фотаздымках пачатку ХХ ст. і малюнку 2-й паловы ХІХ ст. бачна, што на той час храм завяршаўся самкнутым няроўнабаковым 8-часткавым купалам з ліхтарыкам у цэнтры. На наш погляд, гэтая форма пакрыцця найбольш блізкая да аўтэнтычнай, таму што наяўнасць адтуліны ўверсе сферы ўнутранага купала мае перадумовай верхняе асвятленне інтэр’еру з дапамогай светлавога ліхтарыка. Да таго ж гэта больш адпавядае рэнесансавай архітэктуры храма, вырашанага накшталт шматлікіх купальных пахавальных капліц, распаўсюджаных у Рэчы Паспалітай у гэты перыяд. Пад храмам знаходзіцца крыпта для ганаровых пахаванняў.

Тое, што Смаргонскі кальвінскі збор вырашаны менавіта накшталт капліцы і алтарная частка ў ім адсутнічае, як адзначалася раней, не з’яўляецца выпадковым і мае пэўнае канфесійна-ідэалагічнае абгрунтаванне. Прыбудова сакрысціі да асноўнага аб’ёму з паўночнага боку таксама ажыццёўлена пры прыстасаванні Смаргонскага кальвінскага збору пад касцёл.

Аднак кампактная, блізкая да цэнтрычнай купальнай капліцы, кампазіцыя храма адпачатку была парушана прыбудовай да заходняй грані 8-граннага асноўнага аб’ёму роўнага з ім па шырыні і вышыні квадратнага ў плане ўваходнага аб’ёму. На яго другім ярусе, перакрытым крыжовым скляпеннем, размешчаны хоры. Сцены ўваходнага аб’ёму надзвычай масіўныя, таму што да 1866 г. над ім узвышаліся яшчэ тры васьмігранныя ярусы вежы-званіцы, з якіх ацалеў толькі адзін. Каб трапіць на верхнія ярусы вежы-званіцы, не паслабляючы яе канструкцыйнай трываласці, побач з ёй прыбудавана круглая гатычная вежачка з вітымі ўсходамі. Ёсць падставы лічыць, што Смаргонскі кальвінскі збор меў яшчэ адну круглую вежачку з паўночнага боку цэнтральнай вежы і яго ўваходная частка першапачаткова мела трохвежавую кампазіцыю, аналагічную Жодзішкаўскаму кальвінскаму збору. На малюнку, зробленым з натуры Ю.Русецкім у 1850 г., можна бачыць высокую трох’ярусную вежу над уваходам і невысокую прыбудову да яе з паўночнага боку. Купал над асноўным аб’ёмам паказаны больш пакатым, чым цяпер, і шаломападобнай формы [11].

Бальшыня даследнікаў лічыць, што вежы Смаргонскага збору прыбудаваны пазней і мелі абарончае прызначэнне. Аднак архітэктурна-мастацтвазнаўчы аналіз формаў і канструкцыяў збудавання сведчыць, што і надзвычайная масіўнасць сцен, завершаных атыкам, і вырашэнне ўваходнай часткі, і купальная кампазіцыя асноўнага аб’ёму маюць пераважна мастацка-стылявыя і канфесійна-ідэалагічныя карані.

Архітэктоніка яшчэ аднаго рэфармацкага храма Беларусі ўвасобіла аналагічныя прынцыпы формаўтварэння. Гэта малавядомы ў гісторыі архітэктуры кальвінскі збор у Кухцічах (пас. Першамайск Уздзенскага раёну). Лічаць, што ён пабудаваны ў 1560-1570 гг. на сродкі тагачаснага ўладальніка Кухцічаў Мацея Кавячынскага, вядомага кальвініста, паплечніка Сымона Буднага. Але блізкасць архітэктурнага вырашэння Кухціцкага і Смаргонскага кальвінскіх збораў дапускае даволі нязначны разрыў у датах іх пабудовы, што прыпадаюць на канец ХVІ - пачатак ХVІІ ст. Храм у Кухцічах таксама значна перарабляўся і захаваўся ў моцна змененым выглядзе.

Асноўны аб’ём Кухціцкага збору мае 12-гранную форму, даволі складаную пры рэалізацыі ў будаўніцтве пры тагачасных метадах разбіўкі плана без геадэзічных прыладаў. Гэтая геаметрычная форма з глыбокай старажытнасці сімвалізуе гармонію Сусвету, што, відавочна, з’яўляецца галоўнай ідэяй храма. Унутраная прастора ўяўляе круглую залу са сценамі, раскрапаванымі пілястрамі і завершанымі прафіляванымі карнізамі. Раней яна, верагодна, перакрывалася самкнутым купалам (цяпер у інтэр’еры драўляная столь, а над ёю шатровы дах).

Роўную з кафаліконам вышыню мае далучаны да яго з захаду прастакутны ўваходны аб’ём, у якім ацалела крыжовае скляпенне. Над ім існавала вежа-званіца, на якую вялі ўсходы ў круглых вежачках, што размешчаны па баках уваходнага аб’ёму каля фасаднай сцяны. Усе часткі храма аб’яднаны агульнай цягай карніза, над якім узвышаецца невысокі трохкутны франтон больш позняга паходжання.

Храм рэканструяваўся ў канцы ХVІІІ ст. у стылі пераходным ад барока да класіцызму. У гэты час да яго была прыбудавана роўная па памерах плана з уваходным аб’ёмам, але больш нізкая за яго алтарная частка, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Пра гэта сведчыць спецыфічная «разарваная» цяга карніза на тарцы алтара і вокны-люнеты. У сваёй аўтэнтычнай будове Кухціцкі кальвінскі збор вельмі нагадвае Смаргонскі, і разам яны складаюць невялікую асобную групу рэфармацкіх храмаў, у якіх старажытная, яшчэ паганская, сімволіка арганічна спалучаецца з познімі праявамі мясцовага рэнесансу і готыкі.

Усе разгледжаныя вышэй пратэстанцкія храмы Беларусі канца ХVІ - пачатку ХVІІ ст. належалі да аднаго з найбольш радыкальных кірункаў рэфармацыйнага руху - кальвінізму. Пры разнастайнасці іх мастацкага вобразу, намі акрэслены агульныя рысы архітэктуры кальвінскіх збораў у святле іх канфесійна-ідэалагічнай праграмы. Гэта дае магчымасць выкарыстоўваць мастацтвазнаўчыя крытэры для вызначэння аўтэнтычнага паходжання шэрагу помнікаў тагачаснага сакральнага дойлідства, канфесійная прыналежнасць якіх гістарычна з’яўляецца спрэчнай. Відавочна, што ў кантэксце стылявой эвалюцыі беларускай архітэктуры часоў Рэчы Паспалітай культавыя помнікі пратэстантызму ХVІ-ХVІІ стст. складаюць па-мастацку выразную і семантычна-адметную групу.

______________________

Літаратура:

1. Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. - Мінск, Ураджай, 2001. - С. 84-90.

2. Николай (Троицкий). Христианский православный храм в его идее. // Символика русского храмоздательства. / К свету. - М., 1994, № 17. - С. 22-27.

3. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, ф. 1135, воп. 3, спр. 683.

4. Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Украіны, аР. 721(589)С, арк. 2.

5. Чантурия В. История архитектуры Белоруссии. - Мн., 1977. - С. 92.

6. Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ-ХVІІІ стст. - Мн., 1978. - С. 125.

7. Адзярыха М. Апісанне койданаўскага замку. // Наш край. 1926. № 2. С. 23-24.

8. Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2. С. 25-26.

9. Навуковая бібліятэка Віленскага універсітэту, аР, ф. 4, спр. 2615.

10. Кушнярэвіч А. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ стст. - Мн., 1993. - С. 117-119.

11. Цэнтральная бібліятэка АН Літвы. АРК. Калекцыя паштовак.


Паводле: Тамара Габрусь. Помнікі пратэстанцкага храмабудаўніцтва Беларусі //Спадчына, 2003, № 1.

Опубликовано на Порталусе 06 октября 2006 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу: